ДВАРАНІН,
1) у ВКЛ шляхціч, які служыў пры двары Вял. Князя (Караля). Зрэдку ўрад сустракаўся і пры дварах буйных магнатаў.
Вядомы з 15 ст., часта нёс службу як упаўнаважаны дзеля вырашэньня пэўных праблемаў, выконваў функцыі дыпляматычнага прадстаўніка, праводзіў рэвізіі і вырашаў канфлікты ў дзярж. і вялікакняскіх маёнтках, і інш. З разьвіцьцём сістэмы ўрадаў страціў свае функцыі. Прызначаўся на ўрад вялікім маршалкам.
2) Прадстаўнік вышэйшага стану ў Расейскай дзяржаве.
3) Шляхціч, які пасьля анэксіі Рэчы Паспалітай быў зацьверджаны ў правах прадстаўніка вышэйшага стану Расейскай Імперыі.
© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 1996.
Друкаваная версія: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. Мн., 1996. С. 214215.