ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫ

ASSOCIATION OF THE BELARUSIAN NOBILITY

СОБРАНИЕ БЕЛОРУССКОЙ ШЛЯХТЫ


Правілы форумаў (па-беларуску)Правила форумов (по-русски)

Бел.: Калі вы ўводзіце свой лагін і пароль, часта здараецца, што вас не пускае і піша пра памылку. Пры гэтым адкрываецца старонка для ўвахода на форум. Ваш лагін ужо запомніўся. Набярыце яшчэ раз пароль і націскайце "ўвайсьці". Павінна спрацаваць.

Рус.: Когда вы вводите свой логин и пароль, часто случается, что вас не пускает и пишет об ошибке. При этом открывается страница для входа на форум. Ваш логин уже запомнился. Наберите пароль ещё раз и нажимайте "войти". Должно сработать.

Автор Тема: Колб-Сялецкі / Kolb-Sialiecki / Kołb-Sielecki, Sielecki-Kołłb / Колб-Селецкий  (Прочитано 8748 раз)

0 Пользователей и 1 Гость просматривают эту тему.

Вітальд Ханецкі

  • Участник
  • ***
  • Сообщений: 111
  • гэрбу "Вэнда"
Колбы-Сялецкія - старадаўні род, паходзіць з Пінскага павета.

Мяне больш цікавіць лінія, якая ў XVIII ст. перабралася на Віцебшчыну і Магілёўшчыну. Там яны валодалі маёнткам Таронкавічы (Магілёўская губ., Сенненскі пав., Лукомльскі прых.) і маёнтак Межыцы (альбо інакш Межджыцы) (Віцебская губ., Лепельскага пав., Чашніцкі прых.). Есьць шмат інфармацыі пра гэты род, але толкам яшчэ не апрацавана, пакрысе буду пазьней выкладаць нейкія агульныя рэчы.

Па іншых галінах знайшоў у інтэрнэце трохі звестак, вось спасылка  http://forum.molgen.org/index.php?topic=1883.0

Зацікаўлены ў дадатковай інфармацыі.
« Последнее редактирование: 20 Ноября 2011, 02:58:09 от Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта »
Dic, duc, fac, fer!

Roscislaw Niewdach

  • Новичок
  • *
  • Сообщений: 3
Хама Грыневіч Колб-Сялецкі (Thoma Hryniewycz Kołb-Sielecki) - мой продак 17 пакаленняў таму.


Пастанова Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу ад 22 лістапада 1802 г. аб прызнанні ў дваранскай годнасці роду Калбоў-Сялецкіх.

Крыніца: НГАБ. Ф. 319, воп. 1, спр. 32а, арк. 596–608 адв.

пераклад з польскай
Адбылося на пасяджэнні
дваранскага дэпутацкага сходу
Мінскай губерні

Радавод высакародных Сялецкіх Калбоў

Тысяча васямсот другога года
лістапада месяца ў дваццаць другі дзень

Нам, Станіславу Ваньковічу, мінскаму губернскаму маршалку, кавалеру ордэна Святой Ганны другой ступені, а таксама дэпутатам, абраным ад паветаў Мінскай губерні для прыняцця і разгляду шляхецкіх радаводаў, быў пададзены радавод высакародных Сялецкіх Калбоў, падпісаны высакародным Антоніем Сялецкім Калбом, межавым каморнікам [арк. 596 адв.] Пінскага павета, з якога выявілася наступнае. Гэты род, які ўжывае герб Калінова (у чырвоным полі белая страла залатым вастрыём уверх, унізе каля двух трохі скрыўленых канцоў зорка залатога колеру, у шлеме тры стравусіныя пяры, працятыя стралой злева ў правы бок), з самых старажытных часоў, паводле сведчання польскіх аўтараў, будучы ўганараваны шляхецкай годнасцю, меў усе правы і перавагі, належныя гэтаму саслоўю, валодаў спадчыннымі маёнткамі, займаў цывільныя і вайсковыя пасады, і, шматліка размнажаючыся ў Пінскім павеце Вялікага Княства Літоўскага, дзе, пражываючы з самай старажытнасці, у згаданай годнасці застаецца да цяперашняга часу. Каморнік Пінскага павета высакародны Антоні Сялецкі Колб, які сёння пацвярджае дваранства, проста паходзячы з гэтага такога шматлікага са старажытных часоў роду, сваё паходжанне ад пададзеных у першым пакаленні Хамы і Мартына Грыневічаў і Івана Ленкавіча Сялецкіх Калбоў (родапачынальнікаў), паказвае і даказвае наступным чынам.
Згаданыя Хама і Мартын Грыневічы і Іван Ленкавіч Сялецкія Калбы, паказаныя ў якасці родапачынальнікаў, былі сапраўднай і безумоўнай старажытнай польскай шляхтай, валодалі спадчыннымі маёнткамі ў Пінскім павеце, што даказвае выпіс дадзенага ў Кракаве прывілея каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны ад 7 траўня 1526 года 1-а індыкта, актыкаванага 29 верасня 1793 г. у Пінскім земскім судзе, які пацвярджае ўладанні ў Сяльцы інакш Каўбах ва ўладаннях Мартына Шырмы, якія ляжаць у Пінскім павеце, дзе маецца выраз, што Федзька Артымавіч Калбовіч са сваімі братамі Мыхнам, Сенкам, Сямёнам Хомічамі, і Яцкам і Іванам Ленкавічамі, і з кумам здаўна былі карыстальнікамі маёнтка [арк. 597]. Гэтыя ж Сенька Патрыкавіч, Федзька і Мыхна Грыневічы, Іван Ленкавіч, Кузьма Мысевіч, Сенька Хоміч Сялецкія Калбы, а таксама Федзька, Іван, Бакуш і Сцяпан Пальхоўскія супольна мелі другое дварышча, названае Сопчынскае, у вёсцы Лапацін, што ляжыць у Пінскім павеце, нададзенае той жа польскай каралевай і вялікай княгіняй літоўскай Бонай, пра што сведчыць другі выпіс прывілея, дадзенага ў Кракаве ў 1526 годзе 14-га індыкта, выдадзенага ў Вільні 12 ліпеня 1639 года са Скарбовага рэестру перапісаных прывілеяў зямянаў і шляхты Пінскага павета Станіславам Бэйнартам, скарбнікам Вялікага Княства Літоўскага, сакратаром Яго Каралеўскай Міласці, ключнікам і падключнікам віленскім.
У другім пакаленні Сямён, Сенька, Яцка і Іван сыны Хамы, Федзька і Мыхна сына Мартына былі таксама карыстальнікамі маёнтка, што ляжыць у Сяльцы і Лапаціне. У трэцім пакаленні Пётр, Касан, Іван, Амялян сыны Яцка, Ждан, Сасын, Грыц сыны Івана, Грыц, Кірыла, Балыцка сыны Федзькі, Юхна, Давыд, Матас сыны Мыхны, Андрэй Валодзькавіч, Астафій Данілавіч валодалі маёнткам у Сяльцы і Лапаціне, што ляжыць у Пінскім павеце, што сцвярджае выпіс дэкрэта Пінскім земскага суда аб падзеле маёнтка ў Сяльцы і Лапаціне паміж вышэй згаданымі Калбамі, які быў выдадзены 18 студзеня 1570 года, а 10 траўня 1798 года спосабам пераносу актыкаваны ў Пінскім земскім судзе.
У чацвёртым пакаленні Пётр Яцкавіч пакінуў сына Ждана, Іван [арк. 597 адв.] Яцкавіч меў сына Пракопа, Амялян Яцкавіч меў сына Хаму, Сасын Іванавіч меў двух сыноў – Сідара і Пятра, Кірыла Федзькавіч – сына Рамана, Бяліцка Федзькавіч – сына Багдана, Мацес Міхнавіч меў двух сыноў – Аныська і Тымоха, Андрэй Валодкавіч – двух сыноў – Уласа і Мікалая, Астафій Данілавіч – трох сыноў – Сямёна, Яна і Тэадора, гэта даказвае пратэстацыя Яго Міласці Спадара Шырмы супраць Пракопа Іванавіча, Багдана Іванавіча і іншых, згаданых па імёнах і прозвішчах у гэтым працэсе Сялецкіх Калбоў, запісаная 19 жніўня 1623 года ў кнігі Пінскага гродскага суда.






Roscislaw Niewdach

  • Новичок
  • *
  • Сообщений: 3
У пятым пакаленні Ждан Пятровіч пакінуў сына Сямёна, Пракоп Іванавіч сына Івана, пра што сведчыць камісарскі дэкрэт Скарбовай камісіі для разгляду казённых спраў у Пінскім павеце, створанай паводле [сеймавай] канстытуцыі, ад 19 чэрвеня 1662 года пра няплату з васьмі дымоў у вёсцы Сялец высакароднымі Калбамі, паводле якога дэкрэту Ян Пракопавіч і Кандрат Мікалаевіч Сялецкія Калбы выканалі прысягу, што плацяць толькі за чатыры дымы паводле ранейшай прысягі. Хама Амялянавіч меў двух сыноў – Івана і Рыгора, што даказвае выпіс прадажнага права, выдадзенага 1 лютага 1640 года Комарамі Яну Хомічу Калбу на зямлю ў Тупчыцах з кніг Пінскага земскага суда. Сідар Сасінавіч пакінуў трох сыноў Максіма, Сямёна і Рафала, пра што сведчыць арыгінал вячыста-прадажнага права ад Максіма Сідаравіча Калба на частку маёмасці ў ваколіцы [арк. 598] Сялец, дадзенага 24 сакавіка 1652 года братам Сямёну і Радзівону альбо Рафалу Сідаравічам Калбам. Пётр Сасінавіч пакінуў сына Тэадора і меў уладанне ў Мясяцічах, пра што сведчыць інтрамісія на Вамікаўскае дварышча, якое знаходзіцца ў Мясяцічах, паводле прадажных правоў ад Шырмаў, здзейсненая на імя Пятра Сасінавіча Калба 18 студзеня 1627 года і выдадзеная з кніг Пінскага земскага суда. Раман Кірылавіч меў двух сыноў – Даніэля і Стэфана, пра што сведчыць квітанцыя аб аплаце падымнага падатку, выдадзеная пісарам гродскім і зборшчыкам падаткаў Пінскага павета Мікалаем Падольцам 30 красавіка 1635 года Раману Кірылавічу Калбу. Багдан Бяліцкавіч пакінуў двух сыноў – Паўла і Яську, пра што падаецца арыгінал прадажнага права на пляц у Сяльцы, дадзенага 27 чэрвеня 1643 года Паўлу Багданавічу Сялецкаму Калбу. Аніська Матысавіч мае сына Тэадора, пра што сведчыць інтрамісія на Пласкую ніву ў Сяльцы, дадзеная 7 лютага 1639 года Цімохам Матысавічам (бацькам) паводле спадчыннага права Тэадору Аніськавічу Калбу (сыну), выдадзеная з кніг Пінскага земскага суда. Пра тое, што Цімох Матысавіч меў сына Тэадора, а Улас Андрэевіч – сына Кандрата, сведчыць ліст Аляксандра Тамашавіча Шырмы пра абмен на ніву на востраве, называным Ля Броду, з Мікалаем і Уласам Андрэевічамі Калбамі, заключаны 24 верасня 1638 года. [арк. 598 адв.] Сямён Астапавіч меў двух сыноў – Стэфана і Юрыя, Ян Астапавіч пакінуў сына Рыгора.
У шостым пакаленні Сямён Жданавіч пакінуў сына Сямёна, Іван Пракопавіч – двух сыноў – Гераніма і Самуэля, Іван Хоміч – сына Паўла, пра што сведчыць інтрамісія на ўладанні ў Сяльцы паводле вячыста дароўных запісаў ад Шпакоўскіх Паўлу Ярашавічу Калбу ад 5 лютага 1677 года. Рыгор Хоміч меў сына Андрэя, пра што сведчыць прысяга Андрэя Рыгоравіча Калба ад 5 ліпеня 1667 года на дымы ў Сяльцы, выдадзеная з кніг Пінскага гродскага суда. Максім Сідаравіч меў сына Майсея, каморніка Пінскага павета і пісара Скарбовай камісіі, пра што сведчыць вышэйзгаданы камісарскі дэкрэт ад 19 чэрвеня 1662 года, на якім маецца ўласнаручны подпіс Майсея Калба. Сямён Сідаравіч меў сына Рыгора, пра што сведчыць выпіс прадажнага права на дзве ніўкі, якія знаходзяцца ў Лапаціне Пінскага павета, дадзенага 3 жніўня 1663 года і актыкаванага 5 кастрычніка таго ж года ў Пінскім земскім судзе. Рафал Сідаравіч меў сына Рыгора, што даказвае тастамент нябожчыцы Еўдакіі, жонкі Радзівона Калба, якая свае ўладанні перадае сыну Рыгору, ад 12 студзеня 1645 года, выдадзены з кніг Пінскага земскага суда. Тэадор Пятровіч меў сына Рыгора, што даказвае тастамент нябожчыцы Тэадоры Колб ад 3 сакавіка 1713 года, якая перадае свае [арк. 599] уладанні, што засталіся пасля мужа, сыну Рыгору Тэадоравічу Калбу, выдадзены з Пінскага гродскага суда. Даніла Раманавіч пакінуў двух сыноў – Самуэля і Тэадора, пра што сведчыць арыгінал інтрамісіі на ўладанне ў Сяльцы, дадзенай 9 жніўня 1683 года Самуэлю Данілавічу Калбу ў прысутнасці Тэадора Данілавіча Калба. Павел Багданавіч меў сына Саву, пра што сведчыць вячыста дароўнае права ад Алены, народжанай Шырмы, жонкі Далмата Калба, на частку ўладання ў Сяльцы Яго Міласці Спадару Саве Паўлавічу Калбу ад 13 чэрвеня 1689 года, выдадзенае з кніг Пінскага земскага суда. Тэадор Аніськавіч меў сыноў Яна і Паўла, пра што сведчыць прысяга на дымы ў Сяльцы, дадзеная Янам і Паўлам Тэадоравічамі Калбамі і іншымі ўдзельнікамі 24 ліпеня 1690 года, выдадзеная з кніг Пінскага гродскага суда. Тэадор Цімохавіч меў сына Яна, пра што сведчыць выпіс інтрамісіі на маёмасць у Сяльцы на карысць Яна Тэадоравіча Калба ад 9 студзеня 1679 года, выдадзены з кніг Пінскага гродскага суда. Рыгор Уласавіч меў сына Тэадора, пра што сведчыць інтрамісія на ўладанні ў Сяльцы паводле купчых правоў ад Палхоўскіх Тэадору Рыгоравічу, Далмату і Лаўрэну Калбам ад 28 жніўня 1696, выдадзеная з кніг Пінскага каптуровага суда. Кандрат Мікалаевіч пакінуў двух сыноў – Яна і Самуэля, пра што сведчыць дароўны запіс на палову ўладання ў Сяльцы, дадзены 4 чэрвеня 1680 года Янам Кандратавічам Сямёну Кандратавічу Калбу. Стэфан Сямёнавіч меў [арк. 599 адв.] сына Аляксандра, пра што сведчыць міравая дамова паміж Аляксандрам Стэфанавічам Калбом і Рыгорам Янавічам Калбом як наконт валодання яго часткай на працягу 18-ці гадоў, так і наконт належнай з яго часткі паступленняў, заключаная 6 траўня 1719 года ў Сяльцы.
У сёмым пакаленні Сямён Сямёнавіч пакінуў чатырох сыноў – Аляксандра, Апанаса, Яна і Казіміра, пра што сведчыць інтрамісія на ўладанні ў Сяльцы і Лапаціне паводле купчых правоў, здзейсненая на карысць Казіміра Сямёнавіча Калба ў прысутнасці брата Аляксандра Сямёнавіча Калба 3 верасня 1696 года, выдадзеная з кніг Пінскага каптуровага суда. Геранім Янавіч меў сына Яна, пра што сведчыць маніфест, унесены ў Пінскі гродскі суд 15 ліпеня 1716 года Мікалаем, Янам і другім Янам Геранімавічамі Калбамі наконт спалення дома і дакументаў на ўладанні ў ваколіцы Плотніцы. Самуэль Янавіч пакінуў двух сыноў – Леана і Яна, крайчага Пінскага павета, пра што сведчыць выпіс прызнання дароўнага запісу на ўладанні ў ваколіцах Сялец і Лапацін ад высакароднага Яна, крайчага Пінскага павета, свайму пляменніку Яну Леанавічу Калбу, выдадзенага 20 ліпеня 1728 года з кніг [Галоўнага] Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага Віленскай кадэнцыі. Павел Янавіч пакінуў сына Мікалая, пра што сведчыць квітанцыйны ліст аб атрыманні пасагу ад Гараглядаў, дадзены ў верасні 1720 года Мікалаю і Рыгору Паўлавічам. Андрэй Рыгоравіч пакінуў сына Рыгора, пра што сведчыць квітанцыйны выракальны запіс аб атрыманні пасагу, дадзены Багаткам 15 ліпеня 1667 года Уладзіславу і Рыгору Калбам. Майсей, каморнік, [арк. 600] потым суддзя гродскі пінскі, пакінуў сына Самуэля, падкаморыя вендэнскага, Рыгор Сямёнавіч пакінуў сына Андрэя, Рыгор Рафалавіч пакінуў сына Кірыла, пра што сведчыць квітанцыя аб атрыманні пасагу, дадзеная Гусаімам (зяцем) Кірылу Калбу 9 сакавіка 1730 года. Рыгор Тэадоравіч меў трох сыноў – Леана, Мацея і Мікалая, пра што сведчыць квітанцыйны ліст, дадзены 6 красавіка 1766 года Рыгорам Леанавічам Калбом аб выкарыстанні маёмасці на працягу больш чым дзесяці гадоў і выплаце трацякоў грашыма 80-ці злотых дзядзькам Мацею і Мікалаю Рыгоравічам. Самуэль Данілавіч пакінуў сына Лаўрэна, Сава Паўлавіч пакінуў двух сыноў – Яна і Рыгора, Павел Тэадоравіч пакінуў сына Лукаша, пра што сведчыць маніфест, унесены 15 красавіка 1715 года Стэфанам і Лукашам Калбамі ў Пінскі гродскі суд супраць Калбоў. Ян Тэадоравіч меў двух сыноў – Андрэя і Мікалая, пра што сведчыць кантумацыйны дэкрэт Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага Віленскай кадэнцыі, выдадзены 28 красавіка 1717 года па справе Мікалая і Андрэя Янавічаў, Леана Самуэлевіча, Стэфана і Лукаша Паўлавічаў Сялецкіх Калбоў супраць Яго Міласці Спадара Бенядыкта Цянюкі з-за шкоды, нанесенай ва ўладаннях у Тупчыцах і Хрысцібалавічах. Тэадор Рыгоравіч меў трох сыноў – Яна, Рыгора і другога Яна, пра што сведчыць арыгінал прадажнага права, дадзенага Базылём Калбом на зямлю, якая завецца Генералаўшчына і знаходзіцца ў ваколіцы Сялец, Рыгору Тэадоравічу [арк. 600 адв.] Калбу 23 сакавіка 1745 года, а таксама працэс Яна Тэадоравіча Калба супраць Барычэўскіх і іншых асоб за трэцюю частку пляца, які знаходзіцца ў Барычавічах, распачаты 5 снежня 1745 года ў Пінскім гродскім судзе. Ян Кандратавіч меў сына Андрэя, Самуэль Кандратавіч – сына Тэадора, у доказ чаго пададзены выпіс дароўнага права ад Пятра Сачкоўскага на частку [зямлі], якая ляжыць у Сачкавічах, дадзенага Тэадору Самуэлевічу Калбу і актыкаванага 21 чэрвеня 1732 года ў Пінскім земскім судзе. Аляксандр Стэфанавіч пакінуў пяць сыноў – Міхала, Паўла, Юзафа, Тэадора і Антонія, Рыгор Рыгоравіч пакінуў сына Яна.
У восьмым пакаленні Аляксандр Сямёнавіч пакінуў двух сыноў – Мікалая і Кандрата, што даказвае выпіс тастамента нябожчыка Івана Сямёнавіча Калба, якім распараджаецца сваёй маёмасцю і загадвае пасля сваёй смерці зрабіць пахаванне сваім пляменнікам Мікалаю і Кандрату Аляксандравічам Сялецкім Калбам, выдадзены 8 сакавіка 1715 года з Пінскага гродскага суда. Казімір Сямёнавіч пакінуў чатырох сыноў – Рыгора, Тэадора, Паўла і Міхала, пра што сведчыць выпіс інтрамісіі на ўладанне ў Калавуравічах Пінскага павета, здзейсненай 6 верасня 1731 года на падставе прадажных правоў на карысць Рыгора, Тэадора і Паўла Казіміравічаў Калбоў і выдадзенай з Пінскага земскага суда. Ян Геранімавіч пакінуў двух сыноў – Пятра і Леана, што даказвае выпіс ліста на прызнанне права на ўладанне, якое ляжыць у Плотніцы, Леану Леанавічу і Юзафу Пятровічу Сялецкім Калбам, выдадзены 25 красавіка 1758 года з Пінскага земскага суда. Леан Самуэлевіч пакінуў двух сыноў [арк. 601] – Яна і Габрыэля, Мікалай Паўлавіч пакінуў сына Самуэля, пра што сведчыць квітанцыйны ліст ад жонкі Рыгора Калба аб вяртанні ёй усёй рухомасці, збожжа і быдла, выдадзены 27 ліпеня 1747 года Самуэлю Мікалаевічу Калбу. Рыгор Андрэевіч меў сына Тамаша, пра што сведчыць данацыйны запіс на ўладанні ў ваколіцы Сялец ад Яна Каралевіча і Крысціны Калбоў ад 1 траўня 1756 года. Падкаморы вендэнскі Самуэль Майсеевіч пакінуў чатырох сыноў – Уладзіслава, Адама, Базыля і Станіслава, у доказ чаго пададзены дэкрэт Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага Віленскай кадэнцыі, выдадзены 18 чэрвеня 1721 года па справе высакароднага Станіслава Калба пасля смерці падкаморыя вендэнскага Самуэля (бацькі) і падкаморычаў вендэнскіх Уладзіслава і Базыля (братоў) супраць войскага і падстарасты судовага пінскага Станіслава Ажэшкі, пінскага падсудка Стэфана Храноўскага і іншых чыноўнікаў за ўладанні ў Ляскавічах і Сенчыцах Пінскага павета, якія знаходзіліся ў застаўным карыстанні. Андрэй Рыгоравіч меў сына Мацея (інакш Майсея), пра што сведчыць аўтэнтычная позва па справе Мацея Андрэевіча Калба супраць Некрашэвічаў-Стахоўскіх, Платніцкіх і Ласіцкіх, пададзеная 10 жніўня 1736 года у Пінскі земскі суд. Кірыла Рыгоравіч пакінуў сына Тамаша, пра што сцвярджае арыгінал дароўнага права ад жонкі Андрэя Стахоўскага на частку зямлі ў ваколіцы Стахава і грашовую суму Тамашу Кірылавічу (бацьку) і Аляксандру (сыну) Сялецкім [арк. 61 адв.] Калбам, выдадзенага 3 сакавіка 1743 года. Леан Рыгоравіч пакінуў сына Рыгора, Мікалай Рыгоравіч пакінуў двух сыноў – Яна і Тэадора, што даказвае вячыста прадажнае права, выдадзенае 28 красавіка 1776 года Мікалаем Дубойскім на ўладанні ў Мясяцічах і Каўбах Яну Мікалаевічу Калбу і актыкаванае 10 ліпеня таго ж года ў Пінскім гродскім судзе. Лаўрэн Самуэлевіч пакінуў двух сыноў – Яна і другога Яна, Ян Савіч пакінуў трох сыноў – Майсея, Антонія і Рыгора, пра што сведчыць выпіс дароўнага запісу ад Ганны, народжанай Савіч, Колб на спадчынную частку ўладання ў ваколіцы Каўбы, аддзеленую Антоніем і Рыгорам Янавічамі Калбамі свайму брату, выдадзенага 17 кастрычніка 1786 года свайму мужу і 19 кастрычніка таго ж года актыкаванага ў Пінскім земскім судзе. Рыгор Савіч пакінуў двух сыноў – Андрэя і Яна, пра што сведчыць выпіс інтрамісіі на ўладанне ў Сяльцы на падставе прадажнага права, здзейсненай 17 лютага 1783 года у Пінскім земскім судзе на карысць Андрэя і Яна Рыгоравічаў Сялецкіх Калбоў. Лукаш Паўлавіч пакінуў сына Антонія, пра што сведчыць маніфест, унесены 25 верасня 1738 года у Пінскі гродскі суд супраць Лукаша Качаноўскага і Аляксандра Палхоўскага як карыстальнікаў і атрымальнікаў прыбыткаў з уладання ў Вуйвічах, якое знаходзілася ў застаўным карыстанні. Андрэй Янавіч меў двух сыноў – Самуэля і Рыгора, пра што сведчыць выпіс дароўнага права на ўладанне ў Сяльцы, дадзенага 21 снежня 1719 года жонкай Самуэля (маці) Яну Самуэлевічу (сыну), Тэадору і Юльяну Тэадоравічам (унукам) Сялецкім Калбам, выдадзенага Пінскім земскім судом. Мікалай Янавіч пакінуў трох сыноў – [арк. 62] Яна, Антонія і Базыля, што даказвае копія абвяшчэння па справе пінскага земскага рэгента высакароднага Трухноўскага супраць Антонія і Базыля Мікалаевічаў Сялецкіх Калбоў, выдадзеная 4 снежня 1776 года. Ян Тэадоравіч пакінуў трох сыноў – Пятра, Марціна і Самуэля, Рыгор Тэадоравіч пакінуў трох сыноў – Яна, Леана і Міхала, ротмістра Пінскага павета, пра што сведчыць патэнт Яснавяльможнага Ігната Курэцкага, харужага Пінскага павета і пяцігорскага ротмістра, надворнага радцы войскаў Вялікага Княства Літоўскага, кавалера ордэна Святога Станіслава, Міхалу Калбу на чын пінскага ротмістра, дадзены і зацверджаны 9 лютага 1790 года, у арыгінале. Другі Ян Тэадоравіч пакінуў сына Пятра, пра што сведчыць выпіс маніфеста па справе Яна Рыгоравіча і Пятра Янавіча Сялецкіх Калбоў, таксама ад імя родных братоў Леана і Міхала Рыгоравічаў, Пятра і Марціна Янавічаў, Пятра і Базыля Янавічаў Сялецкіх Калбоў, выдадзенага 10 красавіка 1781 года з паточнага пратакола Пінскага гродскага суда. Андрэй Янавіч пакінуў сына Даніэля, Тэадор Самуэлевіч пакінуў сына Яна, Міхал Аляксандравіч пакінуў двух сыноў – Стэфана, смаленскага суддзю, і Тэадора, Тэадор Аляксандравіч пакінуў сыноў Лукаша і Тэадора, Самуэль Янавіч пакінуў чатырох сыноў – Базыля, Тамаша, Якуба і Гераніма.


Roscislaw Niewdach

  • Новичок
  • *
  • Сообщений: 3
У дзявятым пакаленні Мікалай Аляксандравіч пакінуў двух сыноў – Антонія і Базыля, пра што сведчыць выпіс [арк. 602 адв.] інтрамісіі на пляц у Сяльцы, здзейсненай 12 лютага 1771 года на карысць Яна Паўлавіча Калба ў прысутнасці шляхты Іх Міласцяў Спадароў Антонія і Базыля Мікалаевічаў Калбоў, выдадзены з Пінскага гродскага суда. Кандрат Аляксандравіч пакінуў трох сыноў – Бенядыкта, Паўла і Яна, пра што сведчыць выпіс дароўнага права ад 16 лістапада 1772 года, дадзенага Бенядыктам Калбом на трэцюю частку ўладання ў Сяльцы і Лапаціне Пінскага павета з усімі забудовамі брату Яну Казіміравічу Калбу, выдадзены з Пінскага гродскага суда. Рыгор Казіміравіч пакінуў двух сыноў – Яна і Міхала, пра што сведчыць выпіс прадажнага права ад 2 студзеня 1766 года Калавурам на ўладанне ў Пратасавіцкай частцы ў ваколіцы Калавуравічы Яну і Міхалу Рыгоравічам Сялецкім Калбам, выдадзены з Пінскага земскага суда. Тэадор Казіміравіч пакінуў двух сыноў – Бенядыкта і Тэафіла, пра што сведчыць выпіс прадажнага права на тры нівы ад Шаламіцкага Бенядыкту і Тэафілу Тэадоравічам Калбам, выдадзенага 21 лютага 1769 года з Пінскага земскага суда. Павел Казіміравіч пакінуў сына Міхала, пра што сведчыць выпіс прадажнага права ад Ганны, у першым шлюбе Шаламіцкай, у другім шлюбе Колб, на ўладанні ў Шаломічах на карысць Міхала Паўлавіча Калба, выдадзены 20 чэрвеня 1777 года з Пінскага земскага суда. Міхал [арк. 603] Казіміравіч пакінуў пяць сыноў – Базыля, Стэфана, двухіменнага Рыгора-Антонія, каморніка ашмянскага, Пятра і Самуэля, каморніка ўпіцкага, у доказ чаго пададзена копія дароўнага права на вуйвіцкае ўладанне, якое ляжыць у Пінскім павеце, ад Міхала Казіміравіча (бацькі) Базылю, Стэфану, каморніку ашмянскаму Рыгору-Антонію, Пятру і каморніку Упіцкага павета Самуэлю Сялецкім Калбам (сынам), выдадзеная 16 чэрвеня 1775 года з кніг Пінскага земскага суда. Пётр Янавіч пакінуў сына Юзафа, Леан Янавіч пакінуў сына Рамана, Ян Леанавіч пакінуў трох сыноў – Стэфана, ротмістра Пінскага павета, Пятра і Міхала, пра што сведчыць выпіс маніфеста па справе высакароднага Яна Леанавіча (бацькі), ротмістра Пінскага павета Стэфана, Пятра і Міхала (сыноў) Сялецкіх Калбоў за частку ўладання крайчага Пінскага павета Яна (дзядзькі), Леана Самуэлевіча (бацькі) і за частку Сымона Цянюкі, за адсутнасці падачы дакументаў, унесенага 22 чэрвеня 1754 года супраць Габрыэлевічаў Калбоў у Пінскі земскі суд. Габрыэль Леанавіч пакінуў чатырох сыноў – Базыля, Самуэля, Якуба і Міхала, пра што сведчыць выпіс пры аддачы пад апеку з Пінскага гродскага суда, дадзены жонцы Габрыэля (маці), Базылю, Самуэлю, Якубу і Міхалу Сялецкім Калбам (малагадовым), выдадзены 11 чэрвеня 1751 года з кніг Пінскага гродскага суда. Самуэль Мікалаевіч пакінуў двух сыноў – Міхала і Базыля, пра што сведчыць прадажнае права на 10 нівак ля ваколіцы Сялец, выдадзенае 24 студзеня 1792 года Рыгорам Калбом Міхалу і Базылю Самуэлевічам [арк. 603 адв.] Калбам і 27 студзеня таго ж года прызнанае ў Пінскім земскім судзе. Тамаш Рыгоравіч меў сына Міхала, Станіслаў Самуэлевіч пакінуў трох сыноў – Феліцыяна, Антонія, мастаўнічага Пінскага павета, і Паўла, старосту настольскага, у доказ чаго пададзены дэкрэт Пінскага земскага суда па справе старосты настольскага высакароднага Паўла, падкаморыча вендэнскага Феліцыяна, мастаўнічычаў Пінскага павета Пятра і Мікалая Антоніевічаў супраць Яснавяльможнага Міхала Агінскага, вялікага гетмана Вялікага Княства Літоўскага, і Вяльможных Стравенскіх за спадчыну ўладанняў у Ляхавічах і Атолчыцах, за знішчэнне дакументаў, за пакрыццё шкоды і выдаткаў на працэс, выдадзены пад прысягай 20 лютага 1788 года ў Пінскім земскім судзе. Майсей Андрэевіч меў двух сыноў – Тамаша і Базыля, пра што сведчыць арыгінал квітанцыі аб атрыманні пасагу, дадзенай Тамашом Андрэевічам Калбом 13 траўня 1750 года Палхоўскім. Тамаш Кірылавіч пакінуў сына Аляксандра, пра што сведчыць выпіс маніфеста па справе Аляксандра (бацькі), Даніэля і Аляксандра Аляксандравічаў (сыноў) Калбоў супраць Шпакоўскага за гвалтоўнае карыстанне зямлёй і розныя нанесеныя крыўды, пададзенага 2 студзеня 1792 года ў Пінскі гродскі суд. Рыгор Леанавіч пакінуў сына Сямёна, Ян Мікалаевіч пакінуў двух сыноў – Стэфана і Аляксандра, Тэадор Мікалаевіч пакінуў сына Лукаша, Ян Лаўрэнавіч пакінуў сына [арк. 604] Яна, пра што сведчыць квітанцыйны і выракальны ліст аб атрыманні пасагу, дадзены 16 ліпеня 1785 года Базылём і Настассяй Калбамі Яну Лаўрэнавічу (бацьку) і Яну Янавічу (сыну) Калбам. Другі Ян Лаўрэнавіч пакінуў сына Давыда, Антоні Янавіч пакінуў двух сыноў – Яна і Якуба, Рыгор Янавіч – сына Лаўрэна, Андрэй Рыгоравіч – сына Тамаша, Ян Рыгоравіч – сына Яна, Антоні Лукашавіч – сына Даніэля, што даказвае выпіс інтрамісіі на ўладанне ў Качаноўшчыне і Калавураўшчыне Пінскага павета на карысць Даніэля Антонавіча Калба, абвешчанай 26 траўня 1773 гадоў паводле прадажных правоў, выдадзены з кніг Пінскага гродскага суда. Самуэль Андрэевіч пакінуў двух сыноў – Тэадора і Яна, пра што сведчыць інтрамісія  на ўладанне ў Каўбах паводле прадажнага права, выдадзеная 29 ліпеня 1776 года з Пінскага гродскага суда Тэадору і Яну Самуэлевічам Калбам. Рыгор Андрэевіч пакінуў чатырох сыноў – Яна, Пятра, Міхала, паручніка Кароннай брыгады, і Стэфана, які не пакінуў нашчадкаў, пра што сведчыць тастамент Канстанцыі, народжанай Пякарскай, жонкі Рыгора Калба, якім перадае сваю маёмасць сынам Яну, Пятру, Міхалу і Стэфану Рыгоравічам Калбам, ад 27 снежня 1782 года, актыкаваны 13 снежня 1783 года ў Пінскім гродскім судзе. Ян Мікалаевіч меў сына Юзафа, Антоні Мікалаевіч пакінуў двух сыноў – Войцеха, харужага Кароннай брыгады, і Фелікса, Базыль Мікалаевіч пакінуў трох сыноў – Стэфана, Рыгора [арк. 604 адв.] і Паўла, Марцін Янавіч пакінуў двух сыноў – Лаўрэна і Тэадора, Самуэль Янавіч – сына Якуба, Леан Рыгоравіч пакінуў двух сыноў – Тамаша і Марціна, ротмістр Пінскага павета Міхал Рыгоравіч пакінуў двух сыноў – Францішка і Юзафа, Пётр Янавіч – сына Даніэля, Даніэль Андрэевіч – двух сыноў – Уласа і Тэафіла, Ян Тэадоравіч – сына Тэадора, Тэадор Міхалавіч – двух сыноў – Антонія, каморніка віленскага, і Якуба, каморніка брацлаўскага, пра што сведчыць актыкацыя прывілея польскай каралевы Боны, здзейсненая ў Вількамірскім земскім судзе 20 снежня 1798 года каморнікам брацлаўскім Якубам Калбом. Лукаш Тэадоравіч пакінуў двух сыноў – Яна і Баніфацыя, пра што сведчыць мірная дамова ў выніку прававога працэсу з-за розных нанесеных крыўдаў паміж Іх Міласцямі Спадарамі Палхоўскімі з аднаго боку і Іх Міласцямі Спадарамі Стэфанам Янавічам, Янам Рыгоравічам, Тамашом Леанавічам, Якубам Самуэлевічам, Лаўрэнам Марцінавічам, Якубам і Андрэем Янавічамі, Базылём Янавічам, Пятром Рыгоравічам, Янам і Тамашом Янавічамі, Тэадорам Тэадоравічам, Міхалам і Базылём Самуэлевічамі, Міхалам Тамашавічам, Якубам Янавічам, Янам Рыгоравічам Сялецкімі Калбамі з другога боку, заключаная 8 снежня 1800 года і актыкаваная 11 студзеня 1801 года ў Пінскім земскім судзе.
У дзясятым пакаленні Антоні Мікалаевіч пакінуў чатырох сыноў – Тэадора, Юзафа, Яна і Караля, пра што сведчыць арыгінал дароўнага запісу на [арк. 605] ўладанне ў Каўбах, выдадзенага 5 лютага 1790 года Крысцінай, жонкай Базыля Калба, Яну Антоніевічу Калбу. Павел Кандратавіч пакінуў сына Яна, пра што сведчыць выпіс дароўнага права ад 16 верасня 1772 года, дадзенага Бенядыктам Калбом на трэцюю частку ўладання ў Сяльцы і Лапаціне брату Яну Казіміравічу і пляменніку Яну Паўлавічу Калбам, выдадзены з Пінскага гродскага суда. Ян Кандратавіч пакінуў двух сыноў – Якуба і Андрэя, пра што сведчыць інтрамісія на падставе прадажнага права на землі ў Каўбах, абвешчаная 25 чэрвеня 1801 года на карысць Якуба і Андрэя Янавічаў і 4 чэрвеня1 таго ж года прызнаная павятовым возным у Пінскім земскім судзе. Ян Рыгоравіч пакінуў трох сыноў – Базыля, Караля і Тамаша, Міхал Рыгоравіч – сына Гераніма, Бенядыкт Рыгоравіч – сына Аляксандра, Базыль Міхалавіч – трох сыноў – Аляксандра, Юзафа, шамбяляна польскага двара, і Яна, пра што сведчыць дароўны запіс на вуйвіцкае ўладанне, дадзены Базылём (бацькам) Аляксандру, шамбяляну польскага двара Юзафу і Яну Сялецкім Калбам, выдадзены ў копіі 10 ліпеня 1798 года з Пінскага земскага суда. Стэфан Міхалавіч пакінуў трох сыноў – Рыгора, Базыля і Тэадора, Юзаф Пятровіч – двух сыноў – Марціна і Яна, Раман Леанавіч – двух сыноў – Тамаша і Сільвестра, ротмістр Пінскага павета Стэфан – сына Антонія, каморніка Пінскага павета, у доказ чаго пададзены патэнт ад Яснавяльможнага Людвіка [арк. 605 адв.] Ажэшкі, падкаморыя Пінскага павета і кавалера ордэна Святога Станіслава, Антонію-Францішку Калбу на пасаду каморніка Пінскага павета, выдадзены пасля выкананай прысягі, паводле правілаў Статута, 2 кастрычніка 1789 года і ў той жа дзень запісаны ў актах пінскага падкаморыя. Пётр Янавіч пакінуў двух сыноў – Яна і другога Яна, пра што сведчыць аўтэнтычная позва па справе высакароднай Разаліі (маці) і Антонія (сына), жонкі і сына ротмістра Пінскага павета Яна, і другога Яна Пятровічаў і Міхала Янавіча Сялецкіх Калбоў супраць Іх Міласцяў Спадароў Габрыэлевічаў Калбоў з-за розных прэтэнзій, пададзеная 20 траўня 1786 года ў Пінскі земскі суд. Міхал Янавіч пакінуў двух сыноў – Яна і Якуба, пра што сведчыць выпіс маніфеста супраць Вяльможнага Міхала Пласкавіцкага, суддзі земскага пінскага, і іншых яго памочнікаў як суўдзельнікаў за розныя зробленыя крыўды і гвалты, унесенага 20 студзеня 1785 года Міхалам (бацькам) і Янам (сынам) Калбамі ў Пінскі земскі суд. Базыль Рыгоравіч пакінуў сына Рыгора, Якуб Габрыэлевіч – сына Ігната, Самуэль Габрыэлевіч – сына Міхала, Базыль Самуэлевіч – сына Базыля, Міхал Тамашавіч – сына Базыля, Антоні Станіслававіч, мастаўнічы Пінскага павета, пакінуў двух сыноў – Пятра, зямянскага суддзю Бярэзскага павета, і Мікалая, паручніка Нацыянальнай брыгады Вялікага Княства Літоўскага, у доказ чаго пададзены выпіс патэнта, дадзенага і зацверджанага 31 студзеня 1792 года польскім каралём найяснейшым Станіславам Аўгустам Мікалаю Калбу на чын харужага ў харугве Вяльможнага Яго Міласці Спадара ротмістра Нагурскага ў Пяцігорскай брыгадзе Нацыянальнай кавалерыі войскаў Вялікага Княства Літоўскага і актыкаванага 30 кастрычніка 1797 года ў Пінскім земскім судзе, а таксама арыгінальны друкаваны другі патэнт, выдадзены і зацверджаны ў лагеры пад Прагай 4 ліпеня 1794 года начальнікам найвышэйшых узброеных сіл Тадэвушам Касцюшкам таму ж Мікалаю Калбу на чын паручніка ў той жа кавалерыі Пяцігорскай брыгады войскаў Вялікага Княства Літоўскага. Тамаш Майсеевіч пакінуў двух сыноў – Паўла і Тэадора, што даказвае інтрамісія на землі ў Тупчыцах і Хрысцібалавічах, абвешчаная 30 лістапада 1789 года і выдадзеная з Пінскага земскага суда. Базыль Майсеевіч меў сына Яна, Аляксандр Тамашавіч мае трох сыноў – Даніэля, Аляксандра і Базыля, Даніэль Антонавіч мае сына Тэадора, Тэадор Самуэлевіч мае двух сыноў – Тэадора і Юльяна, Ян Самуэлевіч – чатырох сыноў – Яна, Тамаша, Рыгора і Андрэя, пра што сведчыць арыгінал дароўнага права ад жонкі Пятра Калба Ганны на частку ўладання ў Каўбах, дадзенага 27 снежня 1801 года Тамашу Янавічу Калбу. Ян Рыгоравіч пакінуў сына Базыля, пра што сведчыць маніфест па справе Базыля Янавіча Калба супраць Яго Міласці Ксаверыя [арк. 606 адв.] Вішнеўскага за нанесеныя крыўды, унесены 17 сакавіка 1795 года ў Пінскі земскі суд. Паручнік Каронных войскаў Міхал пакінуў двух сыноў – Францішка і Юзафа, Юзаф Янавіч – двух сыноў – Рыгора і Яна, Стэфан Базылевіч – сына Андрэя, Якуб Самуэлевіч – сына Юзафа, Тэадор Янавіч – сына Мацея, якія сёння пацвярджаюць дваранства.
У адзінаццатым пакаленні Тэадор Антонавіч пакінуў сына Яна, Юзаф Антонавіч – сына Міхала, Ян Антонавіч – двух сыноў – Андрэя і Тэадора, Караль Антонавіч – двух сыноў – Стэфана і Паўла, Ян Паўлавіч – двух сыноў – Якуба і Тамаша, Якуб Янавіч – двух сыноў Стэфана і Базыля, Аляксандр Бенядыктавіч мае двух сыноў – Міхала і Яна, Марцін Юзафавіч мае сына Базыля, Ян Юзафавіч мае сына Яна, Ян Пятровіч мае двух сыноў – Стэфана і Караля, Ян Міхалавіч мае трох сыноў – Ігната, Андрэя і Пятра, Якуб Міхалавіч мае сына Мікалая, Павел Тамашавіч мае двух сыноў – Фларыяна і Яна, Тэадор Тамашавіч мае двух сыноў – Самуэля і Пятра, Даніэль Аляксандравіч мае сына Якуба, Рыгор Леанавіч мае сына Сямёна, Ян Мікалаевіч мае сыноў Стэфана і Аляксандра, Тэадор Мікалаевіч мае сына Лукаша, Ян Янавіч мае сына Пятра.
Мінскі дваранскі дэпутацкі сход разгледзеў усё гэта і знаходзіць, што пададзеныя і вышэйпералічаныя па датах дакументы сведчаць пра валоданне спадчыннымі ўладаннямі і займанне дзяржаўных пасад, а таксама пра захаванне шляхецкай годнасці роду высакародных Сялецкіх Калбоў са старажытнага часу, а паходжанне роду на працягу адзінаццаці пакаленняў ажно да сённяшняга дня лічыць даказаным. Таму на падставе пададзеных доказаў, якія сведчаць пра шляхецкую годнасць роду высакародных Сялецкіх Калбоў, Мы, губернскі маршалак і дэпутаты, абраныя ад паветаў Мінскай губерні, трымаючыся правоў, выражаных у Грамаце, ласкава нададзенай дваранству ў 1785 годзе, а таксама правілаў указа Урадавага Сената, выдадзенага 5 траўня 1801 года паводле міласцівейшай канфірмацыі найяснейшага манарха, род высакародных Сялецкіх Калбоў, а менавіта тых, што сёння пацвярджаюць дваранства, Яна Тэадоравіча, Міхала Юзафавіча, Яна Антонавіча з сынамі Андрэем і Тэадорам, Караля Тэадоравіча з сынамі Стэфанам і Паўлам, Яна Паўлавіча з сынамі Якубам і Антоніем, Якуба Янавіча з сынамі Стэфанам і Базылём, Андрэя Янавіча з сынам Тамашом, Базыля, Караля і Тамаша Янавічаў, Гераніма Міхалавіча, Аляксандра Бенядыктавіча з сынамі [арк. 607 адв.] Міхалам і Янам, малагадовага Міхала Міхалавіча, Аляксандра Базылевіча з сынам Леанам, шамбяляна польскага двара Юзафа і Яна Базылевічаў, Стэфана Міхалавіча з сынамі Рыгорам, Базылём і Тэадорам, каморніка ашмянскага Рыгора-Антонія, Пятра і каморніка ўпіцкага Самуэля Міхалавічаў, Марціна Юзафавіча з сынам Базылём, Яна Юзафавіча з сынам Янам, Рамана Леанавіча з сынамі Тамашом і Сільвестрам, каморніка Пінскага павета Антонія Стэфанавіча, Яна Пятровіча з сынамі Стэфанам і Каралем, другога Яна Пятровіча, Яна Міхалавіча з сынамі Ігнатам, Андрэем і Пятром, Якуба Міхалаіча з сынам Мікалаем, Базыля Габрыэлевіча з сынам Рыгорам, Міхала Самуэлевіча, Базыля Самуэлевіча з сынам Базылём, Міхала Тамашавіча з сынам Базылём, суддзю зямянскага бярэзскага Пятра Антонавіча, паручніка Пяцігорскай брыгады Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Антонавіча, Паўла Тамашавіча з сынамі Фларыянам і Янам, Самуэля і Пятра Тэадоравічаў, Даніэля Аляксандравіча з сынам Якубам, Аляксандра і Базыля Аляксандравічаў, Сямёна Рыгоравіча, Яна Мікалаевіча з сынамі Стэфанам і Аляксандрам, [арк. 608] Лукаша Тэадоравіча, Яна Янавіча, Яна Лаўрэнавіча з сынам Давыдам, Яна і Якуба Антонавічаў, Лаўрэна Рыгоравіча, Тамаша і Пятра Андрэевічаў, Яна Рыгоравіча з сынам Янам і ўнукам Базылём, Тэадора і Самуэля Данілавічаў, Тэадора і Юльяна Тэадоравічаў, Яна Янавіча з сынам Пятром, Тамаша, Рыгора і Андрэя Янавічаў, Базыля Янавіча, Пятра Рыгоравіча, паручніка Кароннай брыгады Міхала Рыгоравіча з сынамі Францішкам і Юзафам, Рыгора і Яна Юзафавічаў, харужага Кароннай брыгады Войцеха і Фелікса Антонавічаў, Стэфана Базылевіча з сынам Андрэем, Рыгора з сынам Андрэем і Паўла Базылевічаў, Марціна Янавіча з сынамі Лаўрэнам і Тэадорам і ўнукам Янам, Якуба Самуэлевіча з сынамі Юзафам і Янам, Яна Рыгоравіча, які не мае нашчадкаў, Тамаша і Марціна Леанавічаў, ротмістра Пінскага павета Міхала з сынамі Юзафам і Францішкам, Пятра Янавіча з сынам Геранімам, Уладзіслава і Тэафіла Даніэлевічаў, Мацея Тэадоравіча, суддзю смаленскага Стэфана Міхалавіча, каморніка віленскага Антонія і каморніка брацлаўскага Якуба Тэадоравічаў, Яна і Баніфацыя Лукашавічаў, Базыля, Тамаша, [арк. 608 адв.] Якуба і Гераніма Самуэлевічаў, прызнаўшы радавітай і старажытнай польскай шляхтай, уносім іх у першую частку дваранскай кнігі Мінскай губерні і, выконваючы волю законаў, пастанаўляем выдаць патэнт на імя каморніка межавага Пінскага павета высакароднага Антонія Сялецкага Калба, які падаваў дакументы.

/подпісы/
Станіслаў Ваньковіч, маршалак Мінскай губерні, кавалер ордэна Святой Ганны 2 ступені
Антоні Багдашэўскі, мінскі дэпутат
Банавянтура Асяцімскі, барысаўскі дэпутат
Мельхіёр Валадковіч, вілейскі дэпутат
Ігнат Булгак, бабруйскі дэпутат
Павел Яленскі, мазырскі дэпутат
Міхал Шырма-Шчубінскі, рэчыцкі дэпутат
Антоні Мераеўскі, слуцкі дэпутат
Юльян Нелюбовіч, пінскі дэпутат