Пачынала я даследаванне са спраў аб дваранстве ў ЦГІА (цяпер РГІА) у Ленінградзе, затым глядзела справы аб дваранстве ў НГАБе, але ў Мінску ў асноўным працавала па метрычных кнігах Жукаваборскай царквы і касцёлаў у Стоўбцах і суседніх сёлах. Гэта дазволіла прасачыць роднасныя сувязі праз хросных і знайсці дзявочыя прозвішчы многіх жанчын, якія ўзялі шлюб з маімі Жаўнеркевічамі.
Вельмі шмат у эмацыйным плане мне дала паездка ў Жаўнеркавічы і Жукаў Барок у тых жа 1980-х гадах, калі ажылі тэксты сучаснікаў – Сыракомлі, Плуга, Каратынскага – пра гэтыя мясціны. А ў практычным плане – я перапісала надпісы на помніках на Жаўнеркавічскіх могілках і мела найцікавую размову з мясцовым пастухом Уладзімірам Іванавічам Жаўнеркевічам, які ведаў свой радавод да 5 калена!
Цяпер, пераводзячы дрэва ў сучасны выгляд, я вядома звярала ўсе свае выпіскі з радаводам Жаўнеркевічаў у «Гербаўніку беларускай шляхты», складзенай Яўгенам Глінскім. Павінна сказаць, што ён прарабіў бліскучую і надзвычай акуратную працу па радаводе гэтай сям'і, прыводзячы дадзеныя нават аб тых, хто ў канчатковым выніку не быў зацверджаны ў расійскім дваранстве.
Я думаю, што для беларусаў цяпер важныя не расійскія дакументы, а ўсведамленне свайго шляхетнага паходжання, насуперак усім палітычным рэжымам, якія праносяцца над Жаўнеркавічамі, як я адчула гэта ва Уладзіміра Іванавіча!